Гульня скончылася ўпэўненай перамогай гаспадароў — 3:1.
“Дынама-Мінск” у рамках чэмпіянату КХЛ прымаў на сваёй пляцоўцы хакеістаў маскоўскага “Спартака”. Гульня скончылася ўпэўненай перамогай гаспадароў — 3:1.
У першым перыядзе дублем адзначыўся Аляксандр Волкаў, А яшчэ адну шайбу ў гаспадароў забіў Вадзім Мароз у трэцім перыядзе. “Спартак”, у якога 67 ачкоў, займае другое месца ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі, а “Дынама” — восьмае з 47 ачкамі. У чацвер “зубры” прымуць на сваёй пляцоўцы ніжагародскае “Тарпеда”.
Юрый Малееў працягне ўзначальваць «ДЫНАМА»-БДУФК
Як паведамляе прэс-служба менскага “Дынама”, працоўныя адносіны з клубам падоўжыў трэнерскі штаб жаночай каманды “Дынама”-БДУФК. Такім чынам, Юрый Малееў правядзе пяты сезон ля руля каманды. Раней спецыяліст прыводзіў сваіх падначаленых да заваявання 11 нацыянальных трафеяў (па чатыры чэмпіёнствы і Кубка краіны, тры Суперкубкі Беларусі). Футбалісткі “Дынама”-БДУФК праходзяць медыцынскі агляд, а праграму перадсезоннай падрыхтоўкі адкрыюць у чацвер, 11 студзеня.
У Беларусі могуць з’явіцца Акадэміі футбола пры клубах Д1 і Д2
У Доме футбола адбылося паседжанне Савета клубаў Д1 і Д2. На ім прайшло абмеркаванне стварэння Акадэмій футбола пры спартовых школах, якія ўключаны ў структуру клубаў. Кіраўнік тэхнічнага цэнтра АБФФ Дзмітрый Касянок назваў галоўныя напрамкі работы па іх стварэнні: прыняцце агульнай структуры падрыхтоўкі маладых футбалістаў і стварэнне арганізацыйна-прававой базы, якая будзе адпавядаць заканадаўству. Да 19 студзеня АБФФ сумесна з так званым міністэрствам спорту створыць працоўную групу, у якую ўвойдуць кіраўнікі клубаў. Галоўнай задачай стане падрыхтоўка неабходных дакументаў для стварэння агульнай структуры Акадэмій футбола па ўсёй Беларусі.
Прэзідэнт «Сталі» Клімек: «Шкурын хоча забіць 6-8 мячоў у другой частцы чэмпіянату Польшчы, каб падвысіць свой кошт»
Прэзідэнт «Сталі» Яцэк Клімек пасля падаўжэння кантракту з беларускім нападнікам каманды Іллём Шкурыным распавёў пра трансферныя прапановы: “У будучыні Шкурын хоча гуляць за больш высокую зарплату. Калi яму прыйшлося выбіраць паміж быць зоркай «Сталі» ці быць адным з гульцоў іншага клуба чэмпіянату Польшчы, ён абраў першае. Ілля хоча забіць 6-8 мячоў у другой частцы чэмпіянату, каб яшчэ больш падвысіць свой кошт”. У гэтым сезоне Шкурын вызначыўся 8 галамі і 5 вынiковымі перадачамі.
«Барусія» дамовілася з «Манчэстэр Юнайтэд» пра арэнду Санча
Вінгер «Манчэстэр Юнайтэд» Джэйдан Санча пяройдзе ў «Барусію» Дортмунд на правах арэнды. Арэнда будзе разлічана на 6 месяцаў. Бакі дамовіліся аб пераходзе. Ён будзе афіцыйна аформлены найбліжэйшым часам. Засталося ўдакладніць некаторыя дробныя дэталі. 23-гадовы ангелец адхілены ад каманды з-за канфлікту з галоўным трэнерам Эрыкам тэн Хагам. У бягучым сезоне Санча паспеў згуляць усяго 3 матчы без выніковых дзеянняў. Вінгер выступаў за дортмундцаў у перыяд з 2017 па 2021 год, пасля чаго перайшоў у «Манчэстэр Юнайтэд» за 85 мільёнаў еўра.
Беларускае Радыё Рацыя