3-га студзеня спаўняецца 80 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага этнографа і мастацтвазнаўца, прафесара Міхася Раманюка (1944-1997).
За ўласныя грошы Міхась Раманюк правёў дзясяткі этнаграфічных экспедыцый, плёнам якіх сталі больш за 130 рэканструкцый традыцыйных строяў беларусаў. Збор і архіў Міхася Раманюка налічвае больш за 100 000 адзінак унікальнага этнаграфічнага матэрыялу, сабранага ўласнымі рукамі; падарожныя дзённікі складаюць дзясяткі тамоў.
Важная частка шматгадовай творчай дзейнасці Міхася Раманюка — гэта артыкулы і ілюстрацыі ў энцыклапедыях «Беларуская савецкая энцыклапедыя», «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», «Этнаграфія Беларусі»… У 1981 годзе Міхась Раманюк выдаў альбом «Беларускае народнае адзенне», што складаецца з архіўных фотаздымкаў ды фотаздымкаў, зробленых аўтарам падчас экспедыцый 1967—1980 гадоў.
Ён заснаваў часопіс “Мастацтва Беларусі” і стаў ягоным першым галоўным рэдактарам. Стварыў сцэнічныя строі для Дзяржаўнага народнага хору і Дзяржаўнага ансамблю танца Беларусі…
Міхась Раманюк памёр ва ўзросьце 53 гадоў ад анкалагічнай хваробы.
Беларускае Радыё Рацыя