Прадстаўнікі беларускай дыяспары Варшавы расказалі, чаго яны хочуць у 2024 годзе для беларусаў і для сябе.
Надышоў новы 2024 год. Пасля 2020 года кожны наступны год быў горшы за папярэдні. Сустракаючы Новы год беларусы звычайна загадваюць жаданні на будучы год.
Мы пацікавіліся ў прадстаўнікоў беларускай дыяспары Варшавы, чаго яны хочуць у 2024 для беларусаў і для сябе:
-Не магу казаць толькі пра беларусаў, бо я працую з братамі нашымі, украінцамі, амаль што два гады. І, канешне, я хачу міру, па-першае, здароўя і каб нашыя дзве краіны былі вольныя.
-Жадаю, каб тыя мэты, тыя мары, якія ў беларусаў ёсць, здзейсніліся. Але каб яны не казалі гэта ўслых. А то не адбудзецца. Разумееце, пра што я?
Вячаслаў Сіўчык, Рух салідарнасці “Разам”: Я вельмі хачу, каб у 2024 годзе здарыўся “беларускі цуд” і Беларусь вызвалілася нават насуперак усяму таму, што зараз робіцца. Бо беларускі народ столькі ўжо пакутаваў у сваёй гісторыі, што мусіць быць справядлівасць. І справядлівасць можа быць, толькі калі не будзе сённяшняй акупацыйнай лукашэнкаўска-пуцінскай банды ў якасці ўлады.
Алена Талстая, Рух салідарнасці “Разам”: Канешне, найперш і перадусім жадаю вызвалення ўсім палітвязням у Беларусі. Здароўя, духоўнай моцы і каб як мага хутчэй яны выйшлі на волю. І, канешне, вызвалення ўсёй Беларусі!
Хочацца пажадаць нашым рэспандэнтам, каб іх мары здзейсніліся!
Беларускае Радыё Рацыя