Сёлета беларускі кінематограф адзначае 100 гадоў. У юбілейны год тэлеканал рыхтуе шэраг эфірных акцый і праектаў. Так, з 18 сакавіка на “Беларусь 3” можна будзе ўбачыць дакументальнае кіно, створанае беларускімі рэжысёрамі ў розныя гады.
Распачне тэматычны паказ дакументальнае кіно з залатога фонду Белтэлерадыёкампаніі. Гісторыя развіцця краіны, зафіксаваная на камеру, унікальныя здымкі асоб, што паўплывалі на лёсы мільёнаў, адзіныя кадры знакамітых творчых калектываў – у выніку працы апантаных таленавітых рэжысёраў-дакументалістаў мы маем магчымасць зазірнуць у мінулае.
У панядзелак у 22:50 стужка “Хлапчукі-хлапчукі” (рэжысёр В. Жыгалка, 1975) распавядзе пра сыноў палкоў і партызанскіх атрадаў у гады Вялікай Айчыннай вайны.
У аўторак у 22:50 будзе паказаны фільм-канцэрт “Песняры” (рэжысёр У. Арлоў, 1971) з удзелам ансамбля першага саставу, адразу пасля – “Сустрэча з горадам” (рэжысёр І. Пікман,1967). Гледачы змогуць перанесціся амаль на 60 гадоў у мінулае і пагуляць па вуліцах Мінска.
Лёсы першых выпускнікоў Кімбераўскага дзіцячага дома ў Мазыры адлюстраваны ў стужцы “Чалавек нараджаецца для шчасця” (рэжысёр С. Фрыд, 1964). Яна выйдзе ў эфір тэлеканала “Беларусь 3” 20 сакавіка ў 22:50. У гэты ж вечар на экранах – дакументальны фільм “І песня ўзлятае сама…” (рэжысёр У. Арлоў, 1982). У ім прагучаць песні У. Алоўнікава – аўтара шматлікіх музычных твораў, стваральніка песні “Радзiма мая дарагая”, мелодыя якой была пазыўнымі Беларускага радыё на працягу 30 гадоў.
21 сакавіка ў 22:45 увазе гледачоў прапануецца фільм “Ім не было і шаснаццаці” (рэжысёр В. Жыгалка, 1978) – гісторыя сясцёр Дрозд, якія дапамагалі партызанам у аперацыі па знішчэнні гаўляйтэра Кубе. Працягне тэматычны паказ да 100-годдзя беларускага кіно фільм-канцэрт з удзелам Дзяржаўнага акадэмічнага народнага аркестра БССР пад кіраўніцтвам І. Жыновіча “Звініце, цымбалы!” (рэжысёр У. Міхорскі, 1972).
У Дзень памяці ахвяр Хатыні ў 22:50 на тэлеканале “Беларусь 3” – “Яшчэ гарыць Хатынь” (рэжысёр А. Колос, 1970). Працягне паказ дакументальных стужак з залатога фонду Белтэлерадыёкампаніі 22 сакавіка фільм “Выпрабанні” (рэжысёр В. Жыгалка, 1973).
Далей у рамках рэтраспектыўнага паказу на тэлеканале “Беларусь 3” можна будзе ўбачыць стужкі, створаныя сучаснымі рэжысёрамі-дакументалістамі Белтэлерадыёкампаніі, Нацыянальнай кінастудыі “Беларусьфільм” і студыі гістарычных фільмаў “Майстэрня У. Бокуна”.