Праект “Новыя людзі” тэлеканала “Беларусь 3” стаў прызёрам IX Фестывалю кіно і тэлефільмаў духоўна-маральнага зместу “Святы Уладзімір” у Севастопалі.
Чарговая ўзнагарода ў творчай скарбонцы культурнага канала: прыз II ступені ў намінацыі “Праваслаўныя тэлепраекты” атрымаў выпуск, прысвечаны маладому беларускаму разьбару Івану Гірвелю, які майстарскі стварае з дрэва абразы і іншыя прадметы царкоўнай атрыбутыкі.
“Цыкл “Новыя людзі” – гэта галоўным чынам расказ пра тое, што папярэднічае поспеху, гартуе характар на доўгім шляху пераадолення сябе, – распавядае аўтар і рэжысёр праекта, намеснік дырэктара “Беларусь 3” Надзея Габец. – Нашы героі – сапраўдныя маладыя таленты, лаўрэаты рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, стыпендыяты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Тэатр, музыка, харэаграфія, жывапіс, літаратура – яны арганічна развіваюцца ў розных напрамках, дабіліся і працягваюць дабівацца значных поспехаў. І таму адчуваеш гонар за магчымаць пазнаёміць не толькі беларусаў, але і замежных гледачоў з нашай таленавітай моладдзю”.
Цыкл “Новыя людзі” ствараецца за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту і выходзіць у эфіры штотыдзень. Архіў выпускаў праграмы заўсёды даступны на YouTube-канале «Беларусь 3».