СМІ: Былая начальніца мэдчасткі, дзе загінуў палітвязень Вітольд Ашурак, пайшла на павышэньне
Крыніца, знаёмая з сытуацыяй, расказала выданьню, што Дабрадзярэвец цяпер працуе ў ЛПП № 7 у Магілёве:
«У Шклове была начальнікам мэдычнай часткі — у Магілёве яна намесьнік начальніка ўстановы па лячэбна-прафіляктычнай працы. Там была маёрам — тут падпалкоўнік. Гэта ні з чым не зьвязана, яна проста пайшла на павышэньне», — патлумачыла крыніца прычыны звальненьня Натальлі Дабрадзярэвец.
У ЛПП № 7, куды журналістка «Зеркала» патэлефанавала як жыхарка гораду, пацьвердзілі, што Натальля Дабрадзярэвец там працуе.
Крыніца выданьня ахарактарызавала Дабрадзярэвец як «граматнага» мэдыка, патлумачыўшы, што «на такія пасады не бяруць людзей проста так». «Яна добры чалавек, сумленны. І спэцыяліст талковы. Такія вось абставіны склаліся там», — дадаў суразмоўца, маючы на ўвазе сьмерць палітвязьня Вітольда Ашурка.
У шклоўскай калёніі, паводле інфармацыі «Нашай Нівы», на пасадзе начальніка рэжымнай часткі працягвае працаваць муж Дабрадзярэвец Сяргей Карчэўскі.
У траўні праект «Альянс расьсьледавальнікаў Беларусі» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы ад 2021 году, на якой жанчына прасіла перавесьці яе разам з мужам са Шклова ў іншае месца праз тое, што здарылася зь Вітольдам Ашуркам. Як сьцьвярджаў праект, жаночы голас на аўдыё належаў Натальлі Дабрадзярэвец, а мужчынскі — палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову.
«Сытуацыя становіцца настолькі складанай, што нам зь Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Па сутнасьці, адбылася сапраўдная недарэчнасьць, аднак гэтая сытуацыя можа пагражаць мне поўным п***, калі я застануся. У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязьні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку атрымаецца загладзіць», — кажа жанчына на аўдыё.
Вітольд Ашурак, актывіст зь Бярозаўкі і сябра Партыі БНФ, загінуў 21 траўня 2021 году пры нявысьветленых абставінах у калёніі ў Шклове. Паводле рашэньня суду ў Лідзе ён атрымаў 5 гадоў пазбаўленьня волі за ўдзел у пратэстах пасьля выбараў у жніўні 2020 году.
У сьмерці Вітольда Ашурка ўлада не знайшла вінаватых: паводле афіцыйнай вэрсіі, ён памёр ад спыненьня сэрца. Крымінальную справу па гэтым факце заводзіць ня сталі.
Родныя і паплечнікі палітвязьня перакананыя ў гвалтоўным характары ягонай сьмерці.