«Лічу Бяляцкага міфалагічнай фігурай беларускай барацьбы. Заслужыў — гэтага мала сказаць. Гэта ўжо даўно яго прэмія», — сказала Тэлеграм-каналу «Позірк. Навіны пра Беларусь» ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па літаратуры Сьвятлана Алексіевіч.
«Тое, што зрабіла і робіць у гэтых умовах створаная ім „Вясна“, — гэта ў ягоным духу, у ягонай філязофіі. Я вельмі радая», — заявіла нобэлеўская ляўрэатка.
Сьвятлана Алексіевіч сумняваецца, што пасьля гэтага Бяляцкага выпусьцяць з турмы.
«Ведаю, што Алесь сур’ёзна хворы. Мы ўсе павінны гаварыць аб тым, што яму трэба быць на волі, са сваім народам», — перакананая Алексіевіч.
«Што зробіць зь ім улада, цяжка ўявіць, але такі чалавек ня можа быць у турме — гэта прыніжэньне і народу, і самой улады, калі яна гэта разумее», — падкрэсьліла Сьвятлана Алексіевіч.
7 кастрычніка ў Осла было абвешчана, што Нобэлеўскую прэмію міру прысудзілі Алесю Бяляцкаму, расейскай праваабарончай арганізацыі «Мэмарыял» і ўкраінскаму «Цэнтру грамадзянскіх свабодаў».