Прадстаўнікі ўладаў памежнай з Беларуссю вобласці заклікалі грамадзян Беларусі і беларускіх салдат не дапусціць, каб іх уцягнулі ў вайну на баку Расеі.
37-ы дзень вайны. Зранку адбыўся моцны выбух на нафтабазе ў расейскім Белгарадзе. Загарэліся восем рэзервуараў з нафтапрадуктамі. Жыхары з суседніх вуліц былі эвакуяваныя. Губернатар Белгародскай вобласці Вячаслаў Гладкоў заявіў, што па нафтабазе ў Белгарадзе нанеслі ўдар два ўкраінскія верталёты, якія заляцелі на тэрыторыю Расеі на малой вышыні.
Дарадца Офіса прэзідэнта Украіны Аляксей Арастовіч даў свой каментар:
– Ваенна-палітычнае кіраўніцтва Украіны прымае ўсе спосабы, прыёмы дзеянняў і метады, каб засцерагчы Украіну, нашу тэрытарыяльную цэласнасць, недатычнасць, мір і супакой над нашымі галовамі. Мы вядзём абарончыя баявыя дзеянні на сваёй тэрыторыі. А за тое, што адбываецца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі нясе адказнасць кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі, ім трэба разбірацца, што ж адбываецца ў Белгарадзе. Можа, хто пакурыў не ў тым месцы, можа яшчэ што, ці расейскія ваенныя сабатуюць выкананне загадаў, не хочуць заходзіць на ўкраінскую тэрыторыю дасягальнымі метадамі. У любым выпадку ўсю адказнасць за тое, што адбываецца на тэрыторыі Расейскай Федэрацыі нясе кіраўніцтва Расейскай Федэрацыі. Да іх і ўсе пытанні.
Тым часам, дэпутаты Валынскай абласной рады выступілі са зваротам да беларускага народа ў сувязі з імавернасцю далучэння арміі Беларусі да вайны ва Украіне на баку Расеі. Цытата: «Гістарычныя лёсы Украіны і Беларусі складаліся па-рознаму, але ў нашай незалежнасці заўсёды быў агульны вораг — імперская Масква. Неаднойчы мы, украінцы і беларусы, наносілі маскоўскім захопнікам спусташальныя паразы, як у бітве пад Оршай у 1514 годзе. Імкнучыся заняволіць украінскі і беларускі народы, Крэмль выкарыстоўваў масавыя рэпрэсіі, тэрор, русіфікацыю, акупацыю… Усё гэта мы з вамі перажылі», — адзначаецца ў звароце.
Прадстаўнікі ўладаў памежнай з Беларуссю вобласці заклікалі грамадзян Беларусі і беларускіх салдат не дапусціць, каб іх уцягнулі ў вайну на баку Расеі.
«Свабодная Беларусь немагчымая без свабоднай суверэннай Украіны. Будучыня Беларусі вырашаецца на тэрыторыі Украіны! Слава Украіне! Жыве Беларусь!» — скончылі зварот дэпутаты Валынскай абласной рады.
Беларускае Радыё Рацыя