Пуцін і Пушылін падпісалі дамову аб сяброўстве, супрацоўніцтве і дапамозе паміж РФ і "ДНР". Таксама падпісана аналагічная дамова паміж РФ і "ЛНР".
Уладзімір Пуцін падпісаў указ аб прызнанні „ДНР” і „ЛНР”, паведамляе ТАСС. Пуцін і Пушылін падпісалі дамову аб сяброўстве, супрацоўніцтве і дапамозе паміж РФ і „ДНР”.
Таксама Пуцін і Пасечнік падпісалі ў Крамлі дамову аб сяброўстве, супрацоўніцтве і ўзаемнай дапамозе паміж РФ і „ЛНР”.
Пуцін павіншаваў „кіраўнікоў” „ДНР” і „ЛНР” з падпісаннем гэтых дамоваў.
* * *
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін правёў тэлефонныя размовы з прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам і канцлерам ФРГ Олафам Шольцам. У кантактах з імі Пуцін паведаміў, што „найбліжэйшым часам мае на ўвазе падпісаць” указ аб прызнанні Данецкай і Луганскай народных рэспублік, паведамляе ТАСС са спасылкай на прэс-службу Крамля.
Адзначаецца, што Пуцін інфармаваў лідараў Францыі і ФРГ аб выніках пашыранага паседжання Савета бяспекі РФ, на якім разглядалася бягучая сітуацыя вакол Данбаса ў кантэксце пастановы Дзярждумы па пытанні прызнання ДНР і ЛНР. У панядзелак таксама паступілі звароты ад так званага кіраўніцтва ДНР і ЛНР аб прызнанні іх суверэнітэту.
Як адзначылі ў Крамлі, прэзідэнт Францыі і канцлер ФРГ „выказалі расчараванне такім развіццём” падзей, аднак акрэслілі гатоўнасць да прадаўжэння кантактаў.
Фота: ТАСС