Паэт і палітык пракаментаваў фільм, што паказалі па тэлеканале АНТ пра нібыта змову супраць Аляксандра Лукашэнкі.
Фільм, што паказалі па тэлеканале АНТ пра нібыта змову супраць Аляксандра Лукашэнкі, нагадаў фільм дзесяцігадовай даўніны „Жалезам па шклу”, – кажа паэт і палітык, кандыдат у прэзідэнты ў 2010 годзе Уладзімір Някляеў. У новым фільме змову супраць Лукашэнкі і захоп улады нібыта рыхтуюць Аляксандр Фядута, Юрась Зянковіч і Рыгор Кастусёў.
„І мяне таксама выстаўлялі ў тым старым фільме 2010 года нейкім змоўшчыкам, – кажа Уладзімір Някляеў, – вінавацілі ў сувязі з польскімі, нямецкімі, амерыканскімі спецслужбамі. І ў спробе дзяржаўнага перавароту”:
– Усё гэта распалася, бо ніякіх доказаў там не было, бо гэтага не было насамрэч. Калі будзем казаць ужо канкрэтна пра дваццаты год, то гэтых людзей абвінавачваюць у спробе неканстытуцыйнага захопу ўлады. Чакайце, а хто спачатку неканстытуцыйна захапіў уладу? Усе ведаюць, што 9 жніўня 2020 года падчас прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка прайграў. На ўсіх участках, дзе былі вывешаныя сумленныя, сапраўдныя вынікі галасавання, перамагла Ціханоўская з вельмі сур’ёзным адрывам.
Так лічыць Уладзімір Някляеў і нагадвае, што Лукашэнка сам быў вымушаны прызнаваць, што вынікі выбараў з нібыта 80 працэнтамі прагаласаваўшых за яго сфальсіфікаваны. Праўда, зваліў адказнасць на мясцовых кіраўнікоў – быццам яны накінулі 1-2 працэнты. „Але ж фальсіфікацыя вынікаў выбараў – гэта дзяржаўнае злачынства, – кажа Уладзімір Някляеў, – тым не менш, рэжым працягвае ўтрымліваць уладу на плячах „сілавікоў”, на іх дубінках, на іх зброі”.
Беларускае Радыё Рацыя