Міністар аховы здароўя Дзьмітры Піневіч распавёў пра вакцынацыю супраць каранавірусу ў Беларусі. Падпісаны кантракт на пастаўку ў Беларусь 170 тысяч доз вакцыны «Спутник V», інфармуе «Наша Ніва» са спасылкай на тэлеканал СТБ.
«Гэта першая партыя вакцын, якая да нас паступіла. Яна адпаведным чынам разьбітая на некалькі дробных партый. Да Новага году паступіла 20 тысяч вакцын, была пройдзеная праверка якасьці іх бясьпекі», — сказаў Піневіч.
Цяпер ідзе вакцынацыя мэдык. Міністэрства аховы здароўя чакае паступленьня наступнай партыі прэпарату ў найбліжэйшы час, тады пачнуць прывіваць пэдагогаў.
«У першым квартале сёлета мы павінны выпусьціць ужо пад беларускім брэндам вакцыну «Спутник V» сумесна з нашымі расейскімі калегамі на магутнасьцях айчыннага фармакалягічнага прадпрыемства «Белмэдпрэпараты», — паведаміў міністар.
Па словах Піневіча, гэта будзе магчыма прыкладна з красавіка, калі завершыцца вакцынацыя ўразьлівых і кантраляваных груп насельніцтва. Гаворка ідзе пра мэдыкаў, пэдагогаў, супрацоўнікаў транспарту, гандлю, работнікаў СМІ.
«Тады пачнём працаваць і па іншых групах», — сказаў кіраўнік Міністэрства аховы здароўя.
У сьвеце стаўленьне да расейскай вакцыны неадназначнае. «Спутник V» — першая расейская вакцына ад каранавірусу. У Расеі яе зарэгістравалі ў жніўні 2020 году. Прымяненьне вакцыны дазволілі Беларусь, Аргентына, Балівія, Альжыр, Палестына, Вэнэсуэла і Парагвай.