Апазіцыйны палітык знаходзіцца на борце самалёта.
Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны вяртаецца сёння ў Маскву з Нямеччыны, дзе правёў амаль пяць месяцаў на лячэнні пасля атручвання «навічком».
Прамую трансляцыю вядзе „Настоящее время”. Апазіцыйны палітык ужо знаходзіцца на борце самалёта. Яго даставілі на борт „Победы” напрамую, абыходзячы будынак тэрмінала.
Некалькі дзён таму палітык абвясціў пра сваё рашэнне вярнуцца на радзіму, нягледзячы на верагодны арышт. Прыхільнікі Навальнага маюць намер сустрэць палітыка ў аэрапорце Унукава.
* * *
У сацыяльных сетках жаданне паўдзельнічаць у сустрэчы выказалі больш за 2 тысячы чалавек.
Людзей, якія збіраліся сустракаць Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце «Унукава», затрымліваюць у Санкт-Пецярбургу. Некалькі чалавек напярэдадні ўвечары знялі з цягніка ў расейскую сталіцу, пад раніцу затрымання пачаліся ў аэрапорце «Пулкава». Адным з затрыманых аказаўся карэспандэнт інтэрнэт-выдання «Медиазона» Давід Фрэнкель.
Сустракаць Аляксея Навальнага ў аэрапорце «Унукава», як сцвярджае інтэрнэт–выданне Baza, будуць каля ста паліцэйскіх. Па звестках выдання, супрацоўнікам, якія будуць працаваць сёння ў аэрапорце «Унукава», рэкамендавалі ўзяць з сабой процівагазы. На кожны аўтобус з супрацоўнікамі выдзелена па пяць ахоўных шчытоў.
Пракуратура Масквы раней папярэдзіла, што масавую сустрэчу Навальнага ва «Унукава» яна расцэньвае як незаконную акцыю. Напярэдадні відавочцы выкладвалі ў сацыяльных сетках фатаграфіі паліцэйскіх машын і аўтазакі ля будынка аэравакзала. Навальны павінен прыляцець сёння пасля сямі вечара з Германіі, дзе ён лячыўся пасля атручвання.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: скрыншот з відэа