Шчадраванне праходзіла з удзелам Казы, Мядзведзя, механошаў і спеўнага гурту. Калядоўшчыкі выконвалі адмысловыя песні, запісаныя падчас фальклорных вандровак па Гомельшчыне.
Гандляры з рынку гавораць, што чакалі прыходу гасцей:
– Мы вельмі радыя, што ёсць такі звычай. І шчыра хачу сказаць, што сёння спецыяльна прыйшлі, каб сустрэць вас.
РР: Самі ранней шчадраваць хадзілі?
– Кожны год! І зараз збіраемся. І касцюмы ў нас ёсць, і словы падабралі і ўсё што трэба.
РР: А што спявалі?
– Жадалі здароўя, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця!
Аднак калядоўшчыкаў не пусцілі на Цэнтральны крыты рынак. Падобнае здарылася ўпершыню за 20 год, што “Талака” шчадруе на рынку. Ахова спаслалася на тое, што калядаванне не ўзгодненае. Старшыня гомельскай краязнаўчай арганізацыі “Талака” Пятро Цалка спадзяецца, што ў павільён на рынку не пусцілі праз каранавірус, а не па іншых прычынах:
– Нельга крыўдзіць калядоўшчыкаў! Тое, што калядоўшчыкі зайшлі да цябе ў хату – гэта вялікая пашана да чалавека, бо яны прынеслі шчасце, яны ад Бога прыйшлі. І ў таго, хто не пускаў калядоўшчыкаў, лічылася што грошай, дастатку не будзе. Ну і спявалі, канешне, таксама абражлівыя песні пра тое, што дзед упаў, галоўку разбіў, свінку забіў, чарапкі рассыпаў па ўсёй хаце. То бок, не будзе дастатку ў гаршку, будуць адны чарапкі пустыя па хаце валяцца.
13 студзеня ў Гомелі прынята калядаваць з удзелам Казы, Мядзведзя, пераапранутых людзей. За гэта ўдзельнікаў адорваюць цукеркамі і рознымі прысмакамі.
Беларускае Радыё Рацыя, Гомель