Падзеі, паводле якіх праводзяцца ператрусы ў грамадскіх актывістаў, адбываліся ў тэлеграм-чаце “Браслав для жизни”. Колішні адміністратар чата Канстанцін Далецкі напісаў, як яго арыштоўвалі і судзілі нібыта за распаўсюд заклікаў на несанкцыянаваную акцыю. Непасрэдны ўдзел у ягоным затрыманні брыў участковы Мікалай Іваноў, і неўзабаве ў тэлеграм-чаце з’явіўся ўдзельнік пад нікам “Найлепшы ўчастковы інспектар” з фотаздымкам Іванова на аватарцы. Ад імя “участковага” распаўсюджваліся допісы, якія сапраўдны ўчастковы Іваноў палічыў абразамі і паклёпам. Ён напісаў заяву ў міліцыю, каб знайшлі невядомага аўтара.
Як распавёў Канстанцін Далецкі, пошукі чамусьці распачалі ў яго – забралі камп’ютар і тэлефон, а потым аргтэхніку забралі яшчэ ў трох ягоных сяброў:
– Ці то яны спрабуюць знайсці ў нас кантакты гэтага чалавека, нібыта мы яго ведаем. Ці то яны захочуць на нас гэта ўсё “павесіць”. Ці, можа, гэта проста акцыя запалохвання – мы нібыта мусім спалохацца… Але яны такі піяр нам зрабілі, што я проста не ведаю!
Тэлеграм-чат “Браслав для жизни” насамрэч набывае папулярнасць у святле апошніх падзеяў. Дарэчы, гэта ўжо новы чат, створаны назамен старога, і адмініструе яго ўжо не Канстанцін Далецкі, а Крысціна Валошка, якая нарадзілася ў Браславе, але цяпер жыве ў замежжы. Міліцыянты прыходзілі да яе дахаты і распытвалі ейную маці, што ёй вядома пра “Найлепшага ўчастковага інспектара”. Хто найбольш пацярпеў ад нечаканай славы ў інтэрнэце, дык гэта сябры Канстанціна Далецкага, бо ў іх забралі не толькі асабістыя тэлефоны і камп’ютары, але і працоўныя прылады: без абсталявання засталіся Віталь і Валерый Трашчынскія, якія займаюцца абслугоўваннем аргтэхнікі, і Дзяніс Багдановіч, гаспадар копіцэнтра “Клякса”, дзе для кліентаў раздрукоўваюць фотаздымкі ды іншыя матэрыялы.
Беларускае Радыё Рацыя