Паважаныя браты і сёстры ў Хрысце, шаноўныя суайчыннікі!
“… Вочы мае ўбачылі збаўленне Тваё, якое падрыхтаваў Ты перад абліччам усіх народаў” (Лк 2,30-31).
Словы прарока Сімяона, якому было прадказана ўбачыць Месію, нясуць у сабе адначасова радасць і надзею. Радасць ад спаўнення атрыманага абяцання і надзею, якая ахоплівае не проста асобнага чалавека, але ўвесь свет. Крыніцай гэтай радасці і надзеі з’яўляецца Той, каго мы ўшаноўваем як сапраўднага Бога і сапраўднага Чалавека – Езус Хрыстус, абяцаны гэтаму свету Месія. Той, Хто прынёс людзям слова Праўды і моц сваёй ласкі і Любові.
Каб па-сапраўднаму перажыць свята Божага Нараджэння, патрэбная вера. Вера ў тое, што мы не прыходзім у гэты свет выпадкова, што жыццё чалавека мае сэнс, а гэты свет мае сваю разумную Прычыну. Прыняцце гэтай праўды чыніць чалавека здольным будаваць гарманічны і ўпарадкаваны свет, жыць у згодзе з падобнымі сабе людзьмі і прыродай. Больш за тое, дазваляе без страху і роспачы сустракаць жыццёвыя выпрабаванні, як і само заканчэнне жыццёвай вандроўкі ў гэтым свеце. У такім выпадку маленькае Дзіця, пакладзенае ў яслях, упрыгожаныя елкі, святочная ілюмінацыя і падрыхтаваныя падарункі не будуць толькі пустой дэкарацыяй да чарговага свята ці выключнай справай бізнэсу, але знакам адкрытасці нашага сэрца на падараваную гэтаму свету Божую Любоў.
//www.youtube.com/watch?v=kJIyebNsd3M
Гэта важна: мець адкрытае сэрца на Божую Любоў! Без яе мы не адчувалі б любові ні сваіх родных і блізкіх, ні сяброў, ні нават сваіх бацькоў – любові, якой так патрабуем, асабліва на пачатку свайго жыцця. Бог прыходзіць у гэты свет як маленькае Дзіця, каб мы не баяліся прыняць гэты Яго вялікі Дар, а прыняўшы, маглі самі дзяліцца ім з іншымі. І таму, перажываючы гэтае Свята, паспрабуйма паглядзець на тых, хто побач з намі, праз прызму Божай Любові, на тых, хто, магчыма, нам мала прыемны, але патрабуе дапамогі, падтрымкі, увагі, прабачэння, хвілінкі нашага часу або проста ўсмешкі. Не асуджаючы і не гледзячы на розніцу ў нашых перакананнях, поглядах, паходжанні, статусе ці веры.
Хрыстос прыйшоў да ўсіх! У першую чаргу да тых, “каму патрэбны лекар” (пар. Мц 9,12). Прыйшоў, каб “заклікаць не праведнікаў, а грэшнікаў” (Мц 9,13), жадаючы ад нас перадусім “міласэрнасці, а не ахвяры”. Няхай Яго Нараджэнне ў нашым жыцці стане крыніцай супакою, згоды, узаемнай павагі і прымірэння! Няхай у кожнае сэрца, кожны дом і ўсёй Беларусі прынясе радасць, духоўнае Святло, здароўе і шчодрае бласлаўленне!
Са Святам Божага Нараджэння і шчаслівага Новага 2025 года!
+Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі
Паводле catholicnews.by