Фанаты «Нёмана» не выйшлі на волю пасля 10 сутак арышту
Прэс-сакратар «Нёмана» Віталь Гарбацюк пракаментаваў адсутнасць на матчы 11 сакавіка супраць «Хіміка» фан-сектара. Нагадаем, што яго ўдзельнікаў масава затрымалі. 9 сакавіка затрымалі лідара руху Сяргея Емяльянава, на наступны дзень былі затрыманыя іншыя прадстаўнікі фан-сектара, частку забралі пасля матчу з наваполацкай камандай.
«Велізарная просьба, не разносьце чуткі, не верце плёткам і не нараджайце здагадак. Цяпер наша задача падтрымаць належным чынам каманду да вяртання фан-сектара. Спадзяюся, мы справімся», – напісаў Гарбацюк у групе клуба ва «Вконтакте».
IIHF працягнула адхіленне Беларусі і Расеі ад міжнародных турніраў
Савет Міжнароднай федэрацыі хакея (IIHF) працягнуў адхіленне зборных Беларусі і Расеі ад удзелу ў міжнародных спаборніцтвах сезона-2023/24 пад эгідай арганізацыі. «На падставе дэталёвай ацэнкі рызык рада IIHF вызначыла, што паўторнае ўключэнне зборных Расеі і Беларусі ў спаборніцтвы арганізацыі пакуль небяспечнае. І гэта застанецца небяспечным на маючы адбыцца сезон. Такім чынам, IIHF працягне сезон-2023/24 без зборных Расеі і Беларусі», – гаворыцца ў заяве. Расея і Беларусь не прымуць удзел у чэмпіянаце свету ў 2024 годзе, які пройдзе ў Чэхіі.
Алёхін – лепшы гулец чвэрцьфіналаў Дывізіёна Усход
Па выніках галасавання экспертаў і дырэктарата „Дывізіёна Усход” SEHA – Gazprom League лепшым гульцом стадыі 1/4 фіналу прызнаны 24-гадовы правы паўсярэдні клуба Мікалай Алёхін. На рахунку правага паўсярэдняга 15 галоў у двух матчах супраць „Гомеля”. Ён выдатна выступіў у заключных матчах групавой стадыі супраць „Зеніта” і ЦСКА (13 мячоў пасля 21 кідка), а ў плэй-оф пацвердзіў свой узровень. У першай гульні супраць „Гомеля” ў гасцях Алёхін стаў лепшым бамбардзірам матча, закінуўшы 10 мячоў пасля 12 кідкоў. Мікалай стаў адзіным гандбалістам за 8 матчаў чвэрцьфіналу, каму ўдалося вызначыцца не менш як 10 разоў за вечар. У паядынку ў адказ у Берасці паўсярэдні меў 100-працэнтную рэалізацыю пасля 5 кідкоў і стаў лепшым бамбардзірам у складзе БГК, – паведамляе сайт мяшкоўцаў.
Шарстнёў абраны новым старшынём Беларускай федэрацыі футбола
У Доме футбола прайшла справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай федэрацыі футбола, на якой адбыліся выбары кіраўніка асацыяцыі. У прэзідыум канферэнцыі ўвайшлі прэзідэнт НАК Віктар Лукашэнка, міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук, а таксама два прадстаўнікі дэпартамента нацыянальных асацыяцый УЕФА. Кіраўнік федэрацыі футбола Уладзімір Базанаў вырашыў не вылучацца на гэтую пасаду ў другі раз і зняў сваю кандыдатуру з выбараў. Такім чынам, адзіным прэтэндэнтам на пасаду старшыні БФФ застаўся Мікалай Шарстнёў, які быў вылучаны ў кандыдаты Віцебскай абласной федэрацыяй футбола. За абранне новага кіраўніка дэлегаты канферэнцыі адзінагалосна прагаласавалі „за”. Тэрмін дзеяння паўнамоцтваў Мікалая Шарстнёва на пасадзе кіраўніка БФФ складзе чатыры гады. З 2014 па 2021 год функцыянер з’яўляўся старшынёй Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, а ў апошні час працаваў у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Акрамя таго, падчас справаздачна-выбарнай канферэнцыі БФФ першым намеснікам новага старшыні федэрацыі быў абраны дырэктар ФК „Менск” Андрэй Васілевіч. Таксама намеснікамі Мікалая Шарстнёва будуць былы кіраўнік БФФ Уладзімір Базанаў і Міхаіл Ботнікаў, які захаваў сваё месца. На пасяджэнні быў вызначаны склад новага выканкама БФФ, у які ўвайшлі 20 чалавек, сярод іх – адзін з лепшых футбалістаў у гісторыі Беларусі Аляксандр Глеб.
Контэ можа замяніць Маўрынью ў «Роме»
Наступным новым галоўным трэнерам «Ромы» можа стаць Антоніа Контэ, які блізкі да звальнення з «Тотэнхэма». Аб гэтым паведамляе RomaPress са спасылкай на Corriere dello Sport. Італьянскі спецыяліст знаходзіцца ў спісе кандыдатаў на выпадак, калі каманду пасля гэтага сезона пакіне Жазэ Маўрынью. Будучыня партугальца да гэтага часу застаецца нявызначанай. Прыярытэтам Контэ з’яўляецца менавіта вяртанне ў Серыю А. У «Роме» Антоніа давядзецца пайсці на зніжэнне зарплаты, бо рымляне не будуць гатовыя плаціць 17 мільёнаў еўра ў год.
«Рэал» не разглядае вяртанне Маўрынью
«Рэал» не думае аб вяртанні ў каманду галоўнага трэнера Жазэ Маўрынью, паведамляе Marca. Нягледзячы на прыемныя ўспаміны ў шматлікіх заўзятараў мадрыдскага клуба аб перыядзе, калі партугалец узначальваў каманду, ён не будзе трэніраваць яе зноў. У іспанскім клубе вельмі паважаюць 60-гадовага коуча, але не разглядаюць яго варыянт для замены Карла Анчалоці, калі той пакіне каманду. Цяперашні галоўны трэнер «Ромы» трэніраваў «Рэал» на працягу трох сезонаў у 2010-2013 гадах і выйграў з камандай чэмпіянат, Кубак і Суперкубак Іспаніі. У той жа час галоўны трэнер «Рэала Касцільі» Рауль гатовы ўзначаліць дарослую каманду. Іспанскі спецыяліст пагодзіцца на прапанову кіраўніцтва, калі атрымае яе.
Азіл завяршыў кар’еру ва ўзросце 34 гадоў
Нямецкі паўабаронца Месут Азіл аб’явіў аб завяршэнні прафесійнай карʼеры. 34-гадовы футбаліст апублікаваў паведамленні ў сацыяльных сетках, дзе абʼявіў аб сваім рашэнні. Апошнім клубам Азіла быў «Істанбул». Таксама Месут выступаў за «Шальке», «Вердэр», «Рэал», «Арсенал» і «Фенербахчэ». У складзе мадрыдцаў ён правёў 159 матчаў, вызначыўся 27 галамі і 81 асістам. За лонданскую каманду было 254 гульні – 44 мячы і 79 дзейсных перадач. У зборнай Германіі на рахунку Азіла 92 сустрэчы. Ён станавіўся чэмпіёнам свету ў 2014 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Artykuł Фанаты «Нёмана» не выйшлі на волю пасля 10 сутак арышту pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.