З’явілася інфармацыя аб затрыманні двух беларусаў, якія некалькі гадоў жывуць у Польшчы і дапамагаюць суайчыннікам, якія там апынуліся. Абодва нядаўна прыехалі на радзіму ў госці да сваякоў. Пра аднаго з затрыманых паведамляюць праваабаронцы, пра другога – сацсеткі.
Раней паведамлялася пра прадпрымальніка з Віцебска Барыса Элькіна, які займаецца будаўнічым бізнесам у Польшчы і час ад часу прыязджаў на радзіму да сваякоў. 1 жніўня яго затрымалі ў Віцебску, а ў доме правялі ператрус. Прычыны затрымання дакладна не вядомыя, паведамляе „Віцебская вясна”. Бізнесоўца маглі затрымаць за фотаздымкі з беларускай нацыянальнай сімволікай у сацыяльных сетках, якія кваліфікуюцца сілавікамі як несанкцыянаваны пікет.
Другі затрыманы Раман Галуза родам з Жабінкі, жыў у Польшчы апошнія 9 гадоў. 19 ліпеня ён прыехаў на радзіму і знік: пра яго месцазнаходжанне нічога не было вядома, а пошукава-ратавальны атрад „Паўднёвы Захад” у сацсетках аб’явіў яго пошукі.
2-га жніўня ў акаўнтах пошукавікаў з’явілася інфармацыя, што Галуза жывы і яго месцазнаходжанне ўсталявана без якіх-небудзь падрабязнасцяў. А адзін з беларускіх блогераў, якія жывуць у Польшчы, распавёў у Instagram, што Раман знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
У Польшчы Галуза скончыў універсітэт, атрымаў грамадзянства, займаўся валанцёрствам – у тым ліку дапамагаў беларускім бежанцам.
Фота: vitebskspring.org
Artykuł Затрымалі двух беларусаў, якія прыехалі на радзіму з Польшчы pochodzi z serwisu БЕЛАРУСКАЕ РАДЫЁ РАЦЫЯ.