Міністэрства замежных спраў Украіны лічыць палітычна матываванай справу ўкраінца Міхаіла Феранца, асуджанага ў Беларусі, і патрабуе вызваліць яго, паведамляе прэс-служба ведамства.
У панядзелак суд Заводскага раёна Менска асудзіў грамадзяніна Украіны Міхаіла Феранца на 3 гады пазбаўлення волі за „ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і наўмыснае пашкоджанне маёмасці”. Пры гэтым 7 месяцаў, якія Феранец адбыў у СІЗА, не былі залічаныя ў агульны тэрмін пакарання.
Украінскае знешнепалітычнае ведамства запатрабавала неадкладна вызваліць Феранца і заявіла, што працягне абараняць яго інтарэсы ўсімі даступнымі сродкамі.