У канцы жніўня Расея пачала пастаўляць у Беларусь электраэнергію, паведамляе агенцтва „Прайм” са спасылкай на члена праўлення — часовую выканаўцу абавязкаў кіраўніка блока трэйдынгу расейскай энергетычнай кампаніі „Інтэр РАО” Аляксандру Паніну.
Пра пастаўкі электрычнасці ў Беларусь прадстаўніца кампаніі паведаміла 20 верасня ў кулуарах канферэнцыі „Новая Расія — новая энергетыка”, адказваючы на пытанне журналістаў пра прагноз экспарту ў 2021 годзе.
„Я б пакуль пакінула прагноз-2019, таму што канкрэтна цяпер, у верасні, знізілася пастаўка ў Балтыю, але цяпер мы пастаўляем у Беларусь. У нас з’явілася магчымасць, у нас дастаткова буйная пастаўка цяпер ідзе”, — сказала яна, удакладніўшы, што пастаўкі ідуць з канца жніўня.
Пазней дзяржаўныя медыя Беларусі распаўсюдзілі каментар Мінэнерга краіны, у якім сцвярджаецца, што імпарт расейскай электраэнергіі з’яўляецца дадатковай мерай „гарантавання надзейнасці электразабеспячэння напярэдадні асенне-зімовага перыяду”. У міністэрстве звярнулі ўвагу на „некаторы рост электраспажывання ва ўмовах, калі тэмпературны рэжым паніжаецца”, і запэўнілі, што „імпарт ажыццяўляецца зыходзячы з эканамічнай мэтазгоднасці,<…> ён эканамічна абгрунтаваны”.
Паведамлялася, што ў верасні Беларусь мае намер імпартаваць з РФ каля 300 млн кВт•гадз электрычнасці, а ў кастрычніку закупкі не плануюцца.
12 ліпеня аўтаматычная абарона генератара адключыла ад сеткі першы блок Беларускай АЭС.
23 ліпеня прэс-служба Мінэнерга паведаміла, што беларускія і расейскія спецыялісты праводзяць рэвізію і дыягностыку абсталявання турбагенератара першага блока АЭС. Тады было заяўлена, што ўключэнне блока ў сетку „з улікам неабходнасці прагрэву абсталявання і наступнага набору магутнасці рэактарнай устаноўкі” плануецца да сярэдзіны жніўня.
Да пазначанага тэрміну блок у работу не ўвялі. 19 жніўня ў Мінэнерга адрапартавалі, што рэвізія абсталявання і тэхналагічных сістэм завершана. Выпрабаванні выявілі неабходнасць замены аднаго з элементаў узбуджальніка турбагенератара. „Праводзяцца адпаведныя работы з прыцягненнем спецыялістаў расійскага завода-вытворцы. Пасля іх завяршэння на блоку будуць арганізаваны дадатковыя выпрабаванні і дыягностыка абсталявання і сістэм турбагенератара, пасля чаго блок уключаць у сетку”, — паведамляла энергетычнае ведамства.
Блок не працуе да гэтага часу.
БелаПАН
Фота: iclub.energy