У віцебскім судзе Кастрычніцкага раёна студэнтцы-другакурсніцы медычнага ўніверсітэту Настассі Лявонцьевай прысудзілі штраф памерам 16 базавых велічынь. Суддзя Уладзімір Царыкаў прызнаў яе ўдзельніцай несанкцыянаванага пікета.
Дзяўчына распавяла, што міліцыя даведалася пра акцыю, убачыўшы фотаздымак у тэлеграм-чаце:
– У нас была акцыя салідарнасці з палітвязнямі-студэнтамі. І як сказаў на судзе супрацоўнік міліцыі, ён праглядаў тэлеграм-канал “ВДМУ – разам”, убачыў там паведамленне пра гэтую акцыю і вырашыў, што яна дужа істотна парушае наш закон. Ён пайшоў ва ўніверсітэт, там пазналі Паліну Нітчанку. Потым ён вырашыў выклікаць у РАУС мяне.
Паліна Нітчанка, якую пазналі на здымку першай, на судзе не была: яна адбывае папярэдняе пакаранне за ўдзел у відэа-звароце студэнтаў, не задаволеных палітычнай сітуацыяй у краіне.
Дзяўчына знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання і выйдзе адтуль толькі праз 10 сутак, распавяла праваабаронца Ірына Траццякова:
– Суд быў прызначаны на 14.30, і мы разумелі, што час яе вызвалення ў 16.30 стане перазатрыманнем – дзеля наступнага арышту па пастанове суду. Атрымліваецца, што па двух судовых пастановах Паліна Нітчанка, практычна не пакідаючы ІЧУ, мусіць адбыць 17 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пошукі ўдзельнікаў акцыі салідарнасці студэнтаў ініцыяваў асабіста старшы лейтэнант Віталь Праліч, супрацоўнік райаддзела міліцыі Кастрычніцкага раёну. На судзе ён абвясціў, што зараз вядуцца аператыўныя распрацоўкі, каб высветліць асобы яшчэ чатырох чалавек, якія разгарнулі бел-чырвона-белыя сцягі на знак салідарнасці з палітвязнямі.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск