Футбалісты нацыянальнай зборнай Беларусі пацярпелі паражэнне ў гасцявым таварыскім матчы ад каманды Румыніі — 3:5.
Падначаленыя Міхаіла Мархеля ўжо ў першым тайме сустрэчы прапусцілі чатыры мячы. Юрый Кендыш адыграў адзін мяч, за дзесяць хвілін да фінальнага свістка Іван Бахар яшчэ раз трапіў у браму гаспадароў, а ўжо ў кампенсаваны час Уладзіслаў Клімовіч усталяваў канчатковы лік матчу.
Пасля сустрэчы з румынскімі футбалістамі беларусы вяртаюцца ў Менск і 15 лістапада на поле стадыёна „Дынама” правядуць перадапошні матч групавога этапу Лігі нацый УЕФА з камандай Літвы.
Баскетбалісты „Цмокі-Мiнск” прайгралі АЕКу ў Лізе чэмпіёнаў
Баскетбалісты „Цмокi-Мiнск” пацярпелі першую паразу на групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. У паядынку другога тура папярэдняй групы С чэмпіёны Беларусі саступілі ў Афінах грэцкаму АЕКу 69:95. Самым выніковым у складзе гасцей стаў Максім Салаш, які набраў 16 ачкоў. На старце спаборніцтваў падначаленыя Расціслава Вяргуна абыгралі ў Менску французскі „Шале” з лікам 82:75.
Пасля сустрэчы ў грэцкай сталіцы мінскія „цмокі” адправяцца ў Талін, дзе 15 лістапада правядуць свой чацвёрты матч у Адзінай лізе ВТБ супраць эстонскага „Калева”.
Хакеісты менскага „Дынама” разграмілі „Сібір”
Хакеісты менскага „Дынама” з буйным лікам 6:0 абыгралі „Сібір” у выязным матчы чэмпіянату КХЛ. На другой хвіліне пры гульні ў большасці Брэнан Менэл прымусіў капітуляваць галкіпера супернікаў. Ілля Салаўёў, Ягор Шаранговіч, Аляксей Протас і Ілля Усаў давялі лік да буйнога. Такім чынам, „зубры” змаглі ўсталяваць новы рэкорд КХЛ па хуткастрэльнасці, аформіўшы пяць шайб за 10 хвілін 57 секунд.
У другім перыядзе Брэндан Козун завяршыў трапным кідком камбінацыю, якую пачалі Раян Спунэр і Брэнан Менэл. Наступны матч каманда з Менска правядзе 13 лістапада ў Хабараўску супраць мясцовага „Амура”.
Беражкоў пакінуў Федэрацыю хакея Беларусі
Уладзімір Беражкоў, які займаў пасаду спартовага дырэктара Федэрацыі хакея Беларусі з 2018 года, пакінуў арганізацыю ў сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантракта.
– Удзячны Уладзіміру Пятровічу за яго плённую працу не толькі ў якасці спартовага дырэктара, але і эфектыўную дзейнасць па прасоўванні нацыянальнага чэмпіянату, умацаванню іміджу беларускага хакея. Аднак цяпер настаў час ісці далей, ажыццяўляць новыя ідэі і асвойваць новыя падыходы да працы ў любімым усімі спорце, – пракаментаваў сыход Беражкова старшыня ФХБ Дзмітрый Баскаў.
Адзначым, што ў жніўні Беражкоў асудзіў гвалт пасля выбараў:
– Мяне не білі, але бязвінная кроў суайчыннікаў і паказальныя катаванні вычварэнцаў ад улады талерантнасці выклікаць не можа, казаў тады Беражкоў.
Раман Цішкоў заняў чацвёртае месца на ЧЕ па веласпорце на трэку
Беларус Раман Цішкоў заняў чацвёртае месца ў першы дзень чэмпіянату Еўропы па веласпорце на трэку. Спартовец дамогся гэтага дастаткова высокага выніку ў гонцы з выбываннем. Апярэдзіць Рамана Цішкова змаглі толькі брытанец Мэт Уолс, уладальнік срэбра Юрый Лейтао з Партугаліі і расеец Сяргей Растоўцаў. Ён замкнуў тройку наймацнейшых.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: abff.by